Home
Strider's Journal - Крычым гучней?.. [entries|archive|friends|userinfo]
strider_first

[ website | Official homepage of ULIS ]
[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

Крычым гучней?.. [Jan. 26th, 2008|02:23 pm]
Previous Entry Add to Memories Tell a Friend Next Entry

Напісаў Клімаву камэнтар пра “Рок-каранацыю” і  думаў, што ўстрымаюся ад далейшых выказваньняў на гэтую тэму. Але як часта бывае, атрымліваю рэакцыі іншых зацікаўленых бакоў, у тым ліку – “аргуманты” пра  ўласную асобу або ўласную творчасьць. Таму выкажуся яшчэ раз.

Напачатку – пра ULIS

Спачатку адкажу пра сябе: не каб біць сябе ў грудзі, а каб узнавіць справядлівасьць.

“Адносна Кораня – за апошнія 15 гадоў я ня чуў ад яго яшчэ хаця б адной такой песьні як «Пляц Францыска» – ня хоча ён пісаць яркія гіты, маўчыць, а калі і выступае, то выконвае доўгія інструмэнтальныя варыяцыі. (Ой, малю Бога, каб яны ўсе не пакрыўдзіліся, бо шчыра іх паважаю!)

З.Сасноўскі

Адразу заспакою Зьмітра: я не пакрыўдзіўся. Аднак у ягоным “артыкуле” ёсьць недакладнасьці.

Па-першае, трэба было сказаць: Корань ніколі ў жыцьці не пісаў яркіх гітоў і ня хоча іх пісаць. Бо “Пляц Францыска” напісалі Краўчанка з Аксёнцавым.  Мне чужой славы ня трэба. :)

Па-другое, што тычыцца “доўгіх інструмэнтальных варыяцый”, то Зьміцер, пэўна, не вельмі добра валодае матэрыялам. У апошніх альбомах ULISa  песьні нашмат карацей за тыя першыя альбомы, і інструмэнтала там нашмат меней. Увогуле, у творчасьці ULISа была толькі адна інструмэнтальная кампазыцыя: “Другое падарожжа”   на альбоме “Краіна доўгай белай хмары” .

Канешне, канцэрт адрозьніваецца ад запісаў: які сэнс граць тое, што слухач можа і так поўнасьцю пачуць на альбоме?  У сьвеце сучаснай музыкі гэта – не загана.

Пра музычную крытыку

Ня буду казаць, што найлепш ведаю, як музычным крытыкам трэба ацэньваць выканаўцаў. Калі прыняць шкалу ацэнкі, якую прапаноўвае Зьміцер, то даўно хацеў сказаць (толькі бяз крыўдаў!), што тая адна песьня, якую “Стары Ольса” грае падчас усяго свайго канцэрту, ня вельмі адрозьніваецца разнастайнасьцю менавіта па гэтай шкале. :) Раней не лічыў, што маю права даваць некаму парады, але калі ўжо Зьмітру душа баліць за маю творчасьць, то заўсёды гатовы абмеркаваць музычныя справы на роўных.

Але калі сур’ёзьней, то я лічу, што музыка не павінны ацэньваць у прэсе творчасьць іншага музыкі, калі толькі той апошні не прынёс свае песьні на ацэнку да “мэтра” (пішу, “у прэсе” – бо іншыя справа сказаць нешта адзін адному пры сустрэчы: такая крытыка – рухавік да зьменаў, дапамога ў творчасьці). Галоўныя, “апошнія”, ацэншчыкі – гэта людзі, якія прыходзяць або не прыходзяць на твой канцэрт, купляюць або не твае дыскі і выбіраюць, ці праслухоўваць тваю музыку ў інтэрнэце.  

Нажаль, у нашай краіне няма ацэначных крытэраў, якімі карыстаюцца ўпамянутыя Зьмітром “цынічныя прадусары” зь іншых краінаў, дзе нармальна наладжаная сістэма продажаў і канцэртаў. 

Але гэта не нагода для вядомага выканаўцы выкарыстоўваць момант і навязваць сваю думку пра  творчасьць іншых, тым самым, магчыма, дэзарыентуючы публіку (бо не ўсе зь іх маюць тыя ж самыя густы, што я ці Зьміцер). Трэба даць шанец людзям самім зрабіць свой выбар.

Гучна – не значыць, найлепей

Зараз наконт палемікі Андрэя Плясанава і Сяргея Будкіна. Апошнім часам у беларускай музычнай – і ўвогуле незалежнай - культурнай прасторы  нарастае тэндэнцыя:  хто болей гучна крычыць пра тое, што ён найлепшы, той і “лепшы”.  

Нельга адмаўляць, што “П.Л.А.Н” настойліва рэкламуе тое, што робіць. Але калі яго крытыкуе Будкін з  “Тузіна Гітоў”, то ён не заўважае бярвеньне ва ўласным воку. Бо менавіта маладыя гарачыя голавы з “ТГ” спрабуюць дыктаваць умовы ва ўсёй сучаснай музычнай крытыцы Беларусі толькі таму, што ў іх вельмі “гучныя галасы”.

Між тым гучна – не значыць, найлепей. Вядомы прыклад гэтаму – нацыянальна вядомы беларускі папуліст.  

Але  час раней ці пазьней усё расстаўляе на месцы: і ў палітыцы, і ў музыцы. Што тычыцца музыкі, дык і “ТГ”, і “П.Л.А.Н.”, і нас з вамі будуць ацэньваць не па тым, што і як мы будзем казаць пра сябе, а па нашых дзеяньнях. У выпадку з “ТГ” яскравыя прыклады - гэта суарганізацыя “Басовішча” і “РК” апошніх гадоў.

Пра кароны і журы

Артыкулы Клімава і Падбярэзскага паказваюць, што нават тыя сябры журы, якія на першы раз давалі “ТГ” запас даверу, не гатовыя зараз падпісвацца пад чужой некампэтэнтнасьцю і выступаць у ролі “вясельных генералаў” дзеля нечыіх пэрсанальных кар’ерных мэтаў. Нават калі гэтыя “нехта” і, як кажа Сасноўскі, “сьвядомыя патрыятычныя хлопцы”. Патрыётаў у нас хапае, але сьвядомы хлопец – гэта яшчэ не прафэсія.

Замена адных сябраў журы на іншых пры гэтым няшмат дапаможа, калі будзе адбывацца не на карысьць прафэсыяналізму і аб’ектыўнай ацэнцы.

Як можна параўнаць з музычным рэдактарам і выдаўцом асобу, якая з музыкай зьвязаная толькі таму, што ўзначальвае грамадзкую студэнцкую арганізацыю, якая ўжо напрацягу болей 15 гадоў традыцыйна арганізоўвае музычныя імпрэзы ў Польшчы? Ці атрыманьне пасады аўтаматычна – як у казках – надзяляе чалавека поўнымі ведамі?

Або ці можа быць экспэртам у беларускай музыцы чалавек, які фактычна добра не ведае ніводнай беларускай групы, і на фэстываль, які нібы павінны быў зьнесці бар’еры між суседнімі краінамі, запрасіў толькі тых, хто быў больш-меньш вядомы у расейскамоўным асяродзьдзі, або тых, каго яму параілі інфармацыйныя спонсары? Ці “РК”, можа, будзе выдатнай магчымасьцю для літоўскага суседа ўпершыню пачуць творчасьць большасьці намінантаў? Тады можна толькі здагадвацца, на якой аснове ён паставіць ацэнкі…

Можна запрашаць колькі заўгодна “ганаровых міжнародных” сябраў журы, але якасьць імпрэзы ад гэтага аўтаматычна не падвысіцца. І кароны, якія будуць такім чынам раздавацца, хутка будуць нічым ня лепей ад вопраткі голага караля

Шкада толькі, што ўсе гэтыя “наватарскія” штучкі робяцца ў межах заслужыўшых сабе добрую рэпутацыю брэндаў. Я ўжо прапаноўваў год таму (і ведаю, што так лічу не толькі я – напрыклад, і зьеўшая не аднаго сабаку на арганізацыі музычных імпрэзаў і музычнай крытыцы [info]vladimirowna): хаця б пераймянуйце гэта, не выязджайце на старых імёнах. Назавіце імпрэзу “Тузін карон” ці неяк яшчэ, стварайце сабе ўласнае імя – і пакіньце ў спакоі тое, што стваралася зь іншымі мэтамі і ў іншыя часы. Інакш можна будзе падумаць, што вы імкнецеся толькі выехаць на чужых, старых дасягненьнях і баіцеся ці ўвогуле не можаце стварыць самі штосьці новае.  

***

Мне думаецца, тое, што прапаноўвае Зьміцер Падбярэзскі, – прадумаць і памяняць фармат “РК” у бок большага прафэсіяналізму адбору і ацэнкі намінантаў, пакуль яшчэ не позна, - слушная ідэя. Але нешта мне падказвае, што цяперашнія суарганізатары “РК” паступяць па знаёмым прынцыпе: “Дзякуй. Выкрэсьліваем”. Спадзяюся, што не пабачу той дзень, калі выкрэсьляць і тых, хто зараз думае, што аказвае маладым людзям паслугу,  запрашаючы ў “суарганізатары”…

 

linkReply

Comments:
[User Picture]From: [info]soft_tiger
2008-01-26 01:40 pm (UTC)

(Link)

Файна Слава! Разгорнута і па справе!
[User Picture]From: [info]sb_1
2008-01-26 02:05 pm (UTC)

(Link)

Ці магу тое перадрукаваць на ТГ?
[User Picture]From: [info]strider_first
2008-01-26 02:06 pm (UTC)

(Link)

З "Тузінам гітоў" я ня маю ніякіх агульных справаў. Таму - не.
From: (Anonymous)
2008-01-26 02:37 pm (UTC)

(Link)

але, мяркуючы па вашай інфармаванасьці, тое на замінае вам зачытваць "Тузін" да дзірак :))
From: (Anonymous)
2008-01-26 02:43 pm (UTC)

(Link)

безумоўна можна на ўзаемнай падставе. Бо дзёньнік гэтага аўтара ўвесь у выцемках з "ТГ". - Ці пытаўся ён на тое дазволу?
[User Picture]From: [info]strider_first
2008-01-26 03:14 pm (UTC)

(Link)

Па-першае, Вы ўвогуле не разумееце розьніцы паміж цытаваньнем са спасылкай (што можна прыраўнаць, дарэчы, да рэкламы "ТГ" ў блёгу беларускага музыкі і падзякаваць) і перадрукоўкай матэрыялу мэдыйным парталам. Калі "ТГ" напіша ўласны матэрыял, дзе са спасылкай на мой блёг прывядзе нейкія цытаты, - іх справа, бо інтэрнэт - вольная прастора. А вось на поўную перадрукоўку вельмі слушна просяць дазволу.


Па-другое, мушу Вас расчараваць: я праглядаю ня толькі "ТГ", але ўсе крыніцы, якія лічу неабходнымі для таго, каб ведаць, што адбываецца ў сфэры музыкі ў Беларусі. Але чытаць або цытаваць нешта і друкавацца там - вялікая розьніца. Да таго ж, "Тузін" часьцей за астатніх друкуе тое, што так ці йначай тычыцца майго гурта, і часьцяком - памылковую інфармацыю: чаго варты толькі "аптымістычны" "Марнатраўны сын".

Па-трэцяе, як я ўжо казаў раней, ананімы ідуць на ЙУХ. Дыскутую толькі зь людзьмі, у якіх стае сьмеласьці і здаровага сэнсу падпісацца ўласным імем ці хаця б нікам.
Асабліва, калі яны прыходзяць у чужы журнал.
[User Picture]From: [info]vladimirowna
2008-01-26 07:39 pm (UTC)

(Link)

Ага, так! Мяне менавіта выкрэслілі. Я ад самага пачатку была членам журы, і Цыбін ведае, хто і як падчас вызначаў уладальнікаў той ці іншай кароны, не адна з іх(я маю на ўвазе не галоўную) і на маім сумленні (таму што ў тыя часы сапраўды дасведчаных людзей у гэтай справе было мала, і анкеты журналістаў былі такімі стракатымі, што Божа ж мой). Але я не магла ўжо вытрымаць канкрэтнага падману, калі на апошнім паседжанні журы ў 2002-м я асабіста збірала паперкі з галасаваннем за ўладальніка галоўнай Рок-кароны, адназначны пераможца быў "Палац", я ўголас усім абвесціла імя пераможцы -- на што Юра ўсё роўна сказаў, што імя пераможцы мы даведаемся на канцэрце. І мы тады даведаліся -- Суша!, прозвішча якога проста ніколі ніводнага разу ў журы згадана не было. Два гады таму прыйшло "племя младое", і я, хоць і была ідэйным праціўнікам адраджэння "Рок-каранацыі", усё ж прыняла ўдзел у журы, спрабуючы пераканаць і племя, якое лічыць, што беларуская музычная журналістыка пачалася з іх, і Цыбіна ў нейкіх разумных рэчах. (прычым, усе мае перасяцрогі потым спраўдзіліся), а крытыка паўплывала на тое, што мяне нарэшце выкрэслілі з "Рок-каранацыі"."
Дарэчы, тут у ЖЖ ужо ўзнікала пытанне -- а які інфармацыйны розгалас мела мінулая "Рок-каранацыя"? Аказалася -- ніякага! Акрамя тых жа чытальнікаў "Тузіна" і вузкай тусоўкі аматараў, ні ў прэсе, ні ў электронных СМІ не было амаль нічога. Гэта ізноў жа з-за арганізатараў,. якім на ўсё пляваць (журналістаў проста не запрашалі), і з-за назвы. Так які сэнс? Калі нават людзі, што займаюцца музыкай, нават блізка не могуць сказаць, хто летась атрымаў галоўную "Рок-карону"? Дзеля чаго тады ўсё, калі пра гэта ў кране ніхто не ведае?
[User Picture]From: [info]mlata
2008-01-27 09:23 pm (UTC)

(Link)

вельмі любасная спасылка на асобу Краўчанкі....
[User Picture]From: [info]barilotti
2008-01-28 09:52 am (UTC)

(Link)

ну, калі б ён меў ЖЖ, то Слава, пэўна б, даў на яго спасылку... ;-)
[User Picture]From: [info]mlata
2008-01-28 10:32 am (UTC)

(Link)

вядома..
[User Picture]From: [info]skryppa
2008-01-28 07:34 am (UTC)

(Link)

Іш, вумны - панавучылі сабе на галаву!

А вабшэ, фсё правільна.
[User Picture]From: [info]dzienn
2008-07-23 04:43 pm (UTC)

(Link)

Увогуле, у творчасьці ULISа была толькі адна інструмэнтальная кампазыцыя: “Другое падарожжа” на альбоме “Краіна доўгай белай хмары” . -
-- па мне - адзін з найлепшых твораў і найлепшы альбом...
калісьці я слухаў гэта начамі напралёт.., калісьці я слухаў гэта па дзяржаўным радыё.., калічьці "Уліс" быў супэргуртам...
"Не шкадуй што нешта скончылася, радуйся што яно было" (с) :)