| Усьлед Be Free |
[Aug. 17th, 2008|06:43 pm] |
Нягледзячы ні на што, фэст Be Free адбыўся. Вялікі дзякуй усім, хто прыехаў на гэты фэст зь Беларусі, з Украіны і іншых краінаў і быў з намі нават падчас залевы 9 жніўня. :-)
Чытаю ўражаньні журналістаў і публікі і ў кожнай з рэцэнзіяў ёсьць з чым пагадзіцца і аб чым паспрачацца. Гэта натуральна - мы ўсе бачылі тое, што адбывалася, і маем права на ацэнкі. А вось што сапраўды зьдзіўляе - водгукі тых, хто там не быў і нічога не бачыў і спрабуе разважаць па прынцыпе "Пастернака не читал, но осуждаю"...
Для мяне - не толькі як для арганізатара, але і як для музыкі, што граў на фэсьце, - Be Free безумоўна выдзяляецца з шэрагу фэстаў, на якіх прымаюць удзел беларускія гурты. Перш за ўсё тым, што ён ставіцца да беларускіх музыкаў з павагай, не адрозьніваючы іх па ступені "зорнасьці". Па-другое, тым, што мы граем на адной сцэне з мясцовымі зоркамі, і тыя - як Палажыньскі з "Тартаку" - два дні разам з украінскай публікай слухаюць беларускія канцэрты. Паверце, звычайная палітычная "салідарнасьць" пры адсутнасьці зацікаўленасьці да музыкі зь Беларусі дазволіла б вытрымаць не болей за поўгадзіны. :)
Вельмі важна для мяне было і тое, што Be Free прыцягнуў увагу тых, хто часьцяком упершыню пачуў многія беларускія гурты жыўцом. Пасьля выступу за сцэну да мяне падыходзілі ўкраінскія падлеткі, для якіх наш фэст магчыма стаў адкрыцьцём беларускай музыкі як такой. Ды і камэнтары пасьля фэсту з украінскага боку пра гэта сьведчаць: http://forum.meta.ua/topic/t/45485.html ...
Але яшчэ болей важна была сама атмасфэра свабоды і радасьці, якой быў насычаны фэст. Распавяду выпадак з уласнага досьведу. У першы вечар фэсту мяне штурхнулі, праходзячы міма, львоўскія футбольныя фанаты, што пасьля матчу вырашылі "дагнацца" ў парку. Я пачаў хвалявацца, што праз пэўны час яны могуць распачаць бойку - пра такую верагоднасьць нас папярэджвала і мясцовая міліцыя. Але пасьля некалькіх песень футбольныя фанаты пайшлі ў натоўп, каб... таньчыць і слэміцца. Для мяне гэта доказ таго, што Be Free быў не проста нейкім фэстам беларускай музыкі, а большай, пазытыўнай зьявай.
Зараз некаторыя спрабуюць "прышыць" арганізатарам палітызаванасьць, заангажаванасьць і нават "сэктантства" (гл. Саўбелію і інш.). Для мяне такі падыход - гэта сьведчаньне наўмыснай або прыроднай абмежаванасьці асобы, якая яго прымяняе. Я супраць пераўтварэньня канцэртаў у палітычныя мітынгі, але я толькі за тое, каб кожны з нас мог свабодна сьпяваць, выражаць свае думкі і вартасьці і не баяцца сказаць тое, што думае. Мне здаецца, Be Free для кожнага - і музыкаў, і публікі - стаў месцам менавіта такой свабоды.
Усім тым, хто піша рэцэнзіі ў рэжыме "удалённого доступа", раю наступным разам паехаць і паглядзець на фэст, а потым разважаць на гэтую тэму. А калі вы думаеце, што ўсё так проста, паспрабуйце зрабіць фэст з нуля. Самі.
PS Можа, спадарыня Папова падкажа, калі трэба прынесьці тэксты на літоўку, каб пасьпець падаць заявачку на фэст у Парку Горкага на наступнае лета?.. :) |
|
|