Home

Advertisement

Strider's Journal - Адказы на пытаньні ад карыстальніка vkontakte [entries|archive|friends|userinfo]
strider_first

[ website | Official homepage of ULIS ]
[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

Адказы на пытаньні ад карыстальніка vkontakte [Nov. 30th, 2008|01:48 pm]
Previous Entry Add to Memories Tell a Friend Next Entry
Завёў сабе рахункі на сацыяльных сетках vkontakte i Facebook

Аляксандар "Сеня" Арсёнаў даслаў мне ліст з пытаньнямі, адказы на якіх з-за абмежаваньняў па знаках дублірую тут. Такое атрымалася "невялічкае" інтэрв'ю.

Пан Корань, у сувязі з тым, што пра вас рэдка што можна прачытаць у ґазэтах ды інтэрнэце, наважуся сам спытаць некаторыя рэчы, якія цікавяць ня толькі мяне, але і шматлікіх вашых фанатаў. Быў бы вельмі ўдзячны, калі б вы адказалі :)

1. Распавядзіце, калі ласка, як вы пачыналі граць, як стварылі гурт "Ліфт", як далучыліся да "Студыі 7"

Пачынаў граць на гітары ў школе, у 8-м класе. Спрабаваў навучыцца з 5га класу, але ўмовы ў тыя часы былі не такія як зараз - ні кампутараў, ні інтэрнэту, ні гітарных школ на відэа, таму быў самавучкам, і навучаньне ішло даволі доўга. У школе мы гралі інструмэнтальную музыку, наколькі хапала ўменьня. А болей сур'ёзна стаў займацца рок-музыкай і песеннай музыкай у РТІ, граў у гурце факультэту аўтаматыкі і вылічальнай тэхнікі. Там мы займаліся "здымам" чужой музыкі і чужых песень, нават запісалі ў тыя часы на беларускім тэлебачаньні - у 1975 годзе - тры песьні ў якасьці імправізаваных кліпаў. Калі добра памятаю, гэта было штосьці зь "Песняроў" і "Во французской стороне". Гралі на танцах, там ужо ў тым ліку "здымалі" заходнія гурты.

"Ліфт" я стварыў ужо пасьля сканчэньня інстытута, праз два гады. Мой былы аднакурснік узначальваў тады арганізацыю "Арыентыр", і я зьвярнуўся да яго, каб нам было дзе граць. Мы пачалі граць у кафэ "Мэрыдыян".  Спачатку я запрасіў у гурт свайго суседа, Сашу Дунскага, вакаліста, які потым ужо прывёў бас-гітарыста Яўгена Манькова, а  потым і гітарыста, Валодзю Любінскага, які пасьпяхова разваліў "Ліфт". ;) Гурт граў і свае ўласныя песьні, і каверы на заходніх выканаўцаў. Музыку пісаў Дунскі і ўсе мы самі. Я пазьней даведаўся, калі стаў граць ва ULISe, што нам тады напісаў адзін тэкст нават Фэлікс Аксёнцаў.

У гурт "Студыя-7" мяне паклікаў Слава Сьцяпанаў, калі я яшчэ працаваў зь "Ліфтам". Я пагадзіўся - атмасфэра ў "Ліфце" была ўжо складанай, я вырашыў, што лепей будзе ў "Студыі-7". Пасьля "Ліфт" распаўся. Часам рэальна даказаць, што ты нечага варты, толькі калі сыходзіш. Так бывала не адзін раз.  

Ужо праз месяц пасьля таго, як я прыйшоў у "Студыю-7", мы паехалі на гастролі, у тым ліку і ў Маскву, дзе згралі некалькі канцэртаў - напрыклад, у вну, дзе калісьці вучыўся Макарэвіч. Там слухачы нас параўналі з брытыйскім гуртом Wishbone Ash - калі цікава, вось яны на youtube http://www.youtube.com/watch?v=hg6zqejXvqI 


2. Што значыла для вас "Бонда"? Гэта было хобі, праца, ці можа высокая мэта? І як адбыўся распад гурту, ці не шкадуеце, што сыйшлі?

Адметнасьць "Бонды" была ў тым, што мы сьвядома рабілі беларускамоўны праект, таму і вельмі доўга і цяжка шукалі назву. "Бонда" была для мяне пачаткам прафэсійнай працы ў рок-музыцы, мая вучоба ў гэтым і станаўленьне як прафэсійнага рок-музыкі. "Бонда" ўжо грала толькі свае беларускія песьні.

Наконт "ці шкадую" - я ніколі не шкадую пра тое, што здараецца, бо тое, што адбываецца потым, зьяўляецца тваёй рэальнасьцю і ты павінны ісьці далей. "Бонда" была папярэдняй прыступкай, потым быў ULIS. Як я магу шкадаваць, што пасьля "Бонды" я стаў адным са стваральнікаў гурта ULIS і працягваю ў ім быць? Тут я знайшоў большае самавыражэньне, чым у "Бондзе", і працягваю вучыцца, што павінны рабіць кожны чалавек да канца жыцьця.


3. Вы ўтваралі "Ўліс" як працяг ідэяў "Бонды", ці гэта быў зусім іншы праект? На каго вы арыентаваліся, калі запісвалі першы альбом? Як ставіцеся да параўнаньняў зь U2?

Я ўдзельнічаў у стварэньні ULISa як праекта, у якім я мог бы выразіць уласныя ідэі, якія ў мяне накапіліся за час гры ў "Бондзе" і якія я па пэўных прычынах не мог там рэалізаваць. ULIS ствараўся як незалежны праект, у якім працавалі ўжо склаўшыяся музыкі, што прайшлі школу іншых калектываў. Таму арыентавацца на некага нам не было трэба, у нас былі ўжо свае думкі. Арыентавацца на некага могуць толькі музыкі-пачаткоўцы.

Каб параўноўваць стары ULIS з U2, трэба дакладна паслухаць і стары ULIS, і тагачаснае U2. Нічога агульнага там апроч складу гурта, які дае перадумовы для падобнага гітарнага развіцьця музыкі, няма. Калі нехта думае іначай, прывядзіце хаця б адзін прыклад песьні.


4. Што вы адчувалі, калі "Мэлёдыя" выдала вашыя кружэлкі, гэтак мовіць, на ўвесь Саюз? Ці не было сэнсацыяй тое, што Імпэрская фірма выдала кружэлку зь песьняй "Калі Імпэрыя зьнікне", ды іншымі, ня меней правакацыйнымі, песьнямі?

"Мэлёдыя" была вельмі збюракратызаванай структурай, таму нашую першую кружэлку яна выдала праз год пасьля таго, як мы выдалі на студыі Polskie Nagrania ужо нашую другую кружэлку. Тое, што на так званай "імпэрскай" фірме былі выдадзеныя песьні з такімі правакацыйнымі тэкстамі, паказвае, што на той момант тая "імпэрыя" была ўжо болей дэмакратычнай, чым нашае сучаснае жыцьцё на Беларусі.

Мы былі вельмі радыя нашым дзьвюм кружэлкам, бо выдаць нават адну ў той час было велізарнай падзеяй, не тое, што выдаць зараз CD-кампакт. Гэта былі адныя зь першых кружэлак беларускай рок-музыкі, пасьля "Сузор'я". Гэта зараз CD можа выдаць кожны, былі б грошы ды жаданьне. Тым болей, што гэтыя вінілы прадаваліся ва ўсіх крамах у нас, а "Краіна доўгай белай хмары" - яшчэ і ў Польшчы...


5. Як на "Танцах на даху" зьявілася песьня "Як на далоні"? Што яна на той момант значыла? Хто быў той, што трымаў нас як на далоні? То ж быў 93-ці год, калі былі яшчэ спадзяваньні, калі "мы ўсе шукалі цяпла"...

"На далоні" нас трымае толькі Адзіны.

6. Чаму пасьля "Танцаў на даху" гурт распаўся? Чаму вы вырашылі працягнуць творчасьць? Як набралі новы склад?

Я не лічу, што гурт распаўся, хутчэй - раскалоўся. Сытуацыя была такая - ды і зараз гэта можна часта напаткаць - што беларускія рок-гурты не маглі прафэсыйна зарабляць на жыцьцё, а людзям трэба жыць, карміць сем'і. Гэта было адной з прычынаў, па якой некаторыя людзі сыйшлі зарабляць грошы ў іншыя месцы. Былі і іншыя прычыны.  Я застаўся з ULISам, гэта для мяне апошні праект у жыцьці.

З новымі музыкамі ва ULISe заўсёды было проста: хочаш працаваць, нават калі не вельмі падыходзіш, хочаш нечаму навучыцца, -- значыць, цябе бяруць і працуюць з табой. Ніякіх адслухоўваньняў або кастынгаў не праводзілася. Галоўнае - жаданьне працаваць менавіта ва ULISe. Музыкаў ніхто не выганяў. Гэта прынцып ULISa ад самага пачатку і да цяпер. Кожны новы музыка прыўносіў у гурт нешта сваё, у гэтым таксама было разьвіцьцё гурта.


7. Чаму 4 альбомы 1995-99 гг. не перавыдаваліся? Іх нідзе ня знойдзеш зараз, апроч як у фанацкіх калекцыях... Што значылі гэтыя альбомы для вас? Кардынальная зьмена настрою лірычнага героя адбылася таму, што Вы сталі вакалістам і аўтарам тэкстаў, ці Ўліса зьмяніў час?

Пасьля расколу ULIS пачаў блуканьне па шляху самавыражэньня, таму было шмат экспэрымэнтаў. Гэтыя экспэрымэнты адбываліся не толькі з пункту гледжаньня стылістыкі і музычных ідэяў, якіх было вельмі шмат - як у мяне, так і ў новых людзей, якія прыходзілі і прыносілі ў гурт свае ідэі, - але адбывалася і мая ўласная эвалюцыя як гукарэжысэра і саўнд-прадусара.

Усе запісы, што былі зробленыя пасьля 93 году, былі зробленыя толькі ўласнымі сіламі ULISa, без зьнешняй дапамогі спонсараў і г.д., таму мае першыя гукарэжысэрскія патугі я лічу меней прафэсыйнымі, чым болей позьнія. Мае веды папаўняліся за кошт кожнага новага альбому. У згаданых альбомах было запісана вельмі шмат думак, разнастайных, але якасьць гэтых альбомаў была не вельмі высокай. Каб перавыдаць альбомы, запісаныя да "Падарожжа", трэба было б сесьці, сур'ёзна ўсё адслухаць ды адмайстарыць, калі атрымаецца. На гэта пакуль няма часу. Да таго ж, усё - уключна з "Падарожжам" - запісвалася на вельмі слабым абсталяваньні, 8-канальнай порта-студыі, якая не дазваляла зрабіць дастаткова добрую якасьць. Толькі з "Люстэркам" атрымаўся запіс на болей прыстойнай, кампутарнай студыі.


8. "Люстэрка" зусім непадобнае да Ўлісу ўзору пачатку 90-х. Гучаньне ня тое, што непадобнае, а нават супрацьлеглае. Ці засталося штось ад старога Ўлісу? Ці цяпер гэта зусім іншы гурт?

Не пагаджуся наконт супрацьлегласьці. Нельга глядзець на форму не ўлічваючы зьмест. Я нездарма вяртаюся да песень зь першых трох альбомаў ULISу, пераасэнсоўваючы іх у новым гучаньні.

ULIS заўсёды імкнуўся быць стылёва незалежным гуртом, independent, таму кожны альбом адрозьніваецца ад папярэдняга: "Краіна доўгай белай хмары" - ад "Чужаніцы" і г.д. Гучаньне і ідэі Lusterka сугучныя з болей сучаснай музыкай, якой проста не было на пачатку 90-х. Было б сьмешна, калі б ULIS у 2003-2009 гадах граў дакладна так жа, як у 90-м. Я думаю, што і новы альбом будзе гучаць непадобна да Lusterka і нас ізноў усе будуць запытваць, чаму мы мяняем стыль. :) Адразу адкажу: мне нецікава граць тое, што я ўжо раней граў.

9. Чаму са старога рэпэртуару вы выконваеце толькі "Радыё Свабода", "Краіна доўгай белай хмары" ды "Кругі на вадзе"? Ад Вас усе чакаюць і іншых песень пачатку 90-х, бо тыя ня страцілі актуальнасьці!

Тыя песьні, якія я граю, не страцілі ня толькі сэнсавую, але і музычную актуальнасьць, таму іх можна было перарабіць. Я таксама перарабляў, дарэчы, "Пан Руст", які выконваў у 2004-2005м. Іншыя песьні было б складана - або нават немагчыма - перааранжыраваць так, каб яны гучалі сучасна. Ёсьць шмат песень, якія мы пісалі толькі на адным альбоме і потым не маглі граць. Гэта было і на пачатку 90-х. Бо яны гублялі сваю актуальнасьць з пункту гледжаньня стылістыкі.

10. Ці будзеце вы працягваць канцэртную дзейнасьць? Выступы на BeFree i "Року па вакацыях" выклікалі вялікую цікаўнасьць нават у тых, хто ня верыў у новы Ўліс! Ці не плянуеце вялікі сольны канцэрт? NRM, Neuro Dubel, Крама ўжо далі сольнікі, маладыя зоркі B.N. i IQ-48 дадуць канцэрты ў хуткім часе... Ці не прыйшла і вашая чарга?

Мы б з радасьцю згралі сольны канцэрт, калі б былі ўпэўненыя, што перад гэтым нам ня трэба схадзіць ва ўсім вядомую адміністрацыю за дазволам. :) Калі будуць прапановы наконт сольнага канцэрту з боку недзяржаўных прадусараў, якія гатовыя ўзяцца за гэты канцэрт ужо зараз, з задавальненьнем заграем. Сам гурт арганізаваць уласны канцэрт не зможа, ня тыя часы.

11. Як працяг мінулага пытаньня: ці не зьбіраецеся запісваць новы альбом? Як справы з новымі песьнямі?
Новы альбом абавязкова будзе. Але канкрэтных датаў на гэтым этапе не чакайце. Калі нехта нам знойдзе месца для сталых рэпетыцыяў з апаратурай - альбом будзе праз поўгады.

12. За больш чым два дзесяцігодзьдзі творчай дзейнасьці - нямала, згадзіцеся - ці выканалі вы нейкую мэту? Як вы лічыце, у чым вашае галоўнае дасягненьне? І ці ня крыўдна, што зараз "Ґенэралы айчыннага року" - гэта NRM, а не Ulis?

А хто сказаў, што гэта так? Здаецца, на апошнім канцэрце "генэралаў" мы гралі ўсе разам... Можа, яны і генэралы айчыннага року, але тады ULIS - маршал. :) :) :) (просьба зьвярнуць увагу на смайлы, а то ізноў скажаце, што ў мяне дрэнны характар)

Што тычыцца мэтаў - так, я выканаў, бо я болей ведаю і ўмею, чым дваццаць год таму.  А гэта галоўная мэта для чалавека.

13. Што бы Вы хацелі сказаць сваім фанатам?

ULIS жыў, ULIS жывы і ULIS будзе жыць. Таму ня верце ніякім чуткам.



 
linkReply

Comments:
[User Picture]From: [info]shept_sumlennia
2008-11-30 01:16 pm (UTC)

(Link)

Дзякуj за ўсё.
[User Picture]From: [info]beekeeper_
2008-11-30 02:59 pm (UTC)

(Link)

ULIS слухалі, ULIS слухаем, ULIS будзьма слухаць!!
[User Picture]From: [info]jan_bujan
2008-11-30 03:51 pm (UTC)

(Link)

Дзіўна, але здаецца на дадзены час у Менску хапае месцаў дзе можна рэпетаваць. Канечне ўсё залежыць ад патрабаванняў і грошаў, якія вы гатовыя аддаваць
[User Picture]From: [info]strider_first
2008-11-30 04:02 pm (UTC)

(Link)

Умовы, якія існуюць у Менску для рэпетыцый, адлюстроўваюцца ва ўзроўні беларускіх рок-гуртоў, які ўпаў амаль што да нуля. Немагчыма нешта зрабіць, прыходзячы на рэпетыцыю на дзве гадзіны. Там трэба сядзець суткамі, каб зрабіць нешта сапраўднае.
[User Picture]From: [info]jan_bujan
2008-11-30 04:07 pm (UTC)

(Link)

Ўпрынцыпе маеце рацыю. А што бы параілі маладым гуртам у такім выпадку?
[User Picture]From: [info]strider_first
2008-11-30 04:13 pm (UTC)

(Link)

У маладых гуртоў сітуацыя лепшая, бо ёсць кропкі, дзе яны маглі б бясплатна сядзець і працаваць. Гэта тым гуртам, якіх ведаюць, зараз цяжэй знайсці нейкія ўмовы, бо ўсе лічаць, што ў іх шмат грошаў, і патрабуюць ад іх болей, чым, магчыма, ад маладых. Так што парада адна: шукайце рэпетыцыйныя кропкі, пакуль у вас ёсць падтрымка (бацькі і г.д.), магчымасці (вну, школы і г.д.) Калі станеце дарослымі і трэба будзе апроч рок-музыкі яшчэ і зарабляць, будзе болей праблемаў...
[User Picture]From: [info]jan_bujan
2008-11-30 04:23 pm (UTC)

(Link)

пра зусім бясплатныя не чуў
[User Picture]From: [info]syarzhuk
2008-12-16 03:49 pm (UTC)

(Link)

Зь днём нараджэньня!

Advertisement